У гасцях беларуская пісьменніца
У каледжы 14 красавiка 2026 года прайшла сустрэча з цікавай жанчынай, вядомай беларускай пісьменніцай, паэтэсай, дырэктарам паэтычнага тэатра «Арт С», членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Аксанай Вадзімаўнай Спрынчан. Мерапрыемства прайшло пад тэмай «Вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры».
З уступным словам да прысутных выступіў выкладчык беларускай мовы і літаратуры Жуковіч Мікалай Васільевіч. Ён прачытаў свае любімыя вершы паэткі і прадставіў цікавы відэаролік пра жыццё А.В. Спрынчан, у якім вучні пабачылі пісьменніцу ў розных аспектах жыцця.
Далей пісьменніца выступіла перад навучэнцамі і выкладчыкамі і пазнаёміла іх са сваёй творчасцю, з гісторыяй з’яўлення свайго першага зборніка «Вершы ад А», тэматычным дыяпазонам сваёй лірыкі, формамі яе падачы. Потым яна прачытала свае лепшыя вершы з кнігі «ЖываЯ».
На сустрэчы, якая прайшла ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы, Аксана Вадзімаўна прадставіла рэчы свайго захаплення: ўнікальны саматканы ручнік даўжынёю звыш чатырох метраў. І нават паказала рушнік часоў першай сусветнай вайны, на якім вышыты наступныя словы: «Но не знаем мы, один Бог знает…Началась война 1914 года. Месяц август». Яна падкрэсліла важную ролю жанчыны ў выхаванні духоўных цэннасцяў, жанчыны, якая беражліва захоўвае культурныя традыцыі свайго народа.
Закончылася Свята паэзіі невялікім інтэрв’ю з госцяй і фотасесіяй. Усе прысутныя былі крануты майстэрствам і харызмай госці, падзякавалі за цудоўныя творы і расказ пра жыццё і творчасць беларускіх жанчын.
















