Экскурсія ў музей імя Янкі Купалы
Навучэнцы 1-га і 2-га курса далучыліся да Тыдня роднай мовы і 22 верасня 2022 года наведалі Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы, у якім адкрылася выстава «Спадчына» 1922–2022», прысвечаная 100-годдзю выхаду ў свет чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы. Праект прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Партнёрам выставачнага праекта выступіў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Арыгіналы ўнікальных дакументаў з яго збораў былі прадстаўлены ўвазе шырокай грамадскасці ўпершыню.
Разам з выкладчыкам гісторыі Кірыльчык К.О. навучэнцы груп ЭА-111, ЭА-114, А-34 даведаліся аб пакручастым лёсе твораў Янкі Купалы. Зборнік «Спадчына» – першая кніга Янкі Купалы, выдадзеная ў Беларусі. Паэт рыхтаваў яе да друку ў Мінску – сталіцы маладой рэспублікі – у 1921 годзе. Гэта быў няпросты час, калі ў выніку падпісання Рыжскага мірнага дагавора мяжа падзяліла землі Беларусі на ўсходнія і заходнія. Творы 1905 – 1920 гадоў, якія ўвайшлі ў зборнік, былі прадстаўлены ў рукапісах Янкі Купалы, у публікацыях у перыёдыцы, і, безумоўна, на старонках кнігі-юбіляра з фондаў музея.
Галоўны мастацкі акцэнт выставы – прыжыццёвы сюжэтны партрэт Янкі Купалы, які стварыў у 1921 годзе Дзмітрый Полазаў да І мастацкай выставы ў Мінску. Пра шлях кнігі да чытача распавялі лісты паэта і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь – памяткі гістарычных рэалій, якія сёння раскрываюць абставіны асабістага і грамадскага жыцця творцы, знаёмяць з тымі людзьмі, якія дапамаглі ў ажыццяўленні выдання.
Па якім мінскім адрасе жыў Янка Купала, якімі вуліцамі хадзіў на працу, каму пашчасціла атрымаць экскурсію па горадзе ад дзядзькі Янкі – адказы на гэтыя пытанні і шмат іншых цікавых фактаў з жыцця першага народнага паэта Беларусі чакалі нас у Купалавым Доме. Экскурсію правяла куратар выставы – Марыя Бартукова, загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы.
Вялікі дзякуй!















